«СЯЛЯ́НСКАЯ ДО́ЛЯ»,
газета арг-цыі «Беларускае працоўнае сялянства». Выдавалася ў чэрв. 1921 — крас. 1922 у г. Каўнас (Літва) на бел. мове, выходзіла нерэгулярна. Рэдакцыя стаяла на пазіцыях непадзельнасці і незалежнасці Беларусі, прапаведавала ідэю сац. і нац. самаўсведамлення сялянства, гуртавання яго сіл на вызв. барацьбу супраць польскай акупацыі. Асобныя публікацыі скіраваны на барацьбу за незалежнасць Беларусі. Аддавала ўвагу выбарам у Віленскі сойм, пытанню далучэння Віленшчыны да Польшчы. Змясціла рэзалюцыі 1-й Усебел. канферэнцыі (вер. 1921, Прага), дэкларацыю ўрада БНР у сувязі з 4-й гадавінай абвяшчэння суверэнітэту Беларусі, матэрыялы пра каап. рух і школьнае пытанне. Друкавала творы П.Мядзёлкі, А.Смаленца, І.Дварчаніна (пад псеўд. І.Гудок), В.Мурашкі (В.Маслоўскай), В.Ластоўскага (пад псеўд. Юрый В.), Т.Грыба (пад псеўд. А.Небарака), М.Бяздольнага. Выйшла 7 нумароў.
А.С.Ліс.
т. 15, с. 340
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)